клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 500 млн. гадоў назад). 2 падкласы, каля 2 тыс. вымерлых і 800 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7 км. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі знойдзены ў верхнемелавых адкладах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Памеры ад 2 мм да 30 см. Цела ўкрыта радамі шкілетных пласцінак, што ўтвараюць панцыр і нясуць рухомыя іголкі і педыцылярыі (шкілетныя ўтварэнні ў форме шчыпчыкаў, якія выконваюць пераважна абарончую функцыю). Рухаюцца з дапамогай іголак і амбулакральных ножак. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя. Развіццё з плаваючай лічынкай; некат, жывародныя. Аб’ект промыслу (ікра).